2002

20 верасьня :
НЕЧАКАНАЕ ЗНАЁМСТВА.

Арцём:
У той дзень я меў толькі адно жаданьне: мне прынесьлі касэтку з запісамі новага праекту Лявона Вольскага – ZET, і я хацеў у гэты ж дзень яе і заслухаць. Але існавала праблемка. Слухаць не было на чым. Крыху пазьней мяне паклікалі хлопцы з суседняга блоку так мовіць “з гітаркай на гарбатку”. Да заняткаў рыхтавацца ня дужа цягнула, музыку слухаць не было на чым і я пайшоў у госьці.

Зьміцер:
Сядзеў гэта, значыцца, я ў пакойчыку, рабіў гуказдымальнік на акустычную гітару, слухаў сабе музычку ў стылі “дыскатэка Rammstein” і думаў свае думкі. І тут раптам (мяне аж падкінула на ложку), зарываецца да мяне Шупіла (Аляксей Шупілаў – аднагрупнік Зьміцера падчас навучаньня ў АДПК – ад аўт.):
- Слушай, а дай мне гітару!
- А нашто табе?
- Дык я.. эта.. хачу парэпеціраваць.
- Ну, бяры. Мне не шкада.
Я працягнуў яму інструмэнт. Шупіла пайшоў, аж мне млосна стала, што за рэпэтыцыя пад маім бокам, а я нават і ня ведаю. І паціху нацэліў свой крок за Шупілам. Увайшоў, сеў, і ціхенька сяджу, каб не спужаць выканаўцу (які як выканаўца быў не дужа). Дагэтуль я ўжо ўсіх ведаў, акрамя хлопца, што граў "на акусьціке" бас-партыю.

Арцём:
Насамрэч гэта не была бас-партыя – гэта было імправізаванае аранжаваньне, бо песьні я ня ведаў. Я проста іграў, ня ведаючы нават, што для кагосьці гэта – “рэпэтыцыя”.
На Зьміцера я тады зьвярнуў увагу па двух прычынах:
1) у адрозьненьне ад іншых ён меў хоць нешта падобнае на прычоску. На фоне “лысагопаў” выглядала шыкоўна;
2) мажлівасьць прысутнасьці сярод яго рэчаў магнітафона для праслухоўваньня касэткі гурта ZET. Натуральна (і хто б сумняваўся ?), я спытаў яго наконт магнітафона. Аднак магнітафон той, як высьветлілася, быў “стацыянарны” і мне прыйшлося цягнуць касэтку ў пакой да Зьміцера, там пілі каву і разы два, здаецца, праслухалі ZET.

Зьміцер:
Пачуўшы ZET я адразу патух. Зірнуў на касэту “рамштайнаў” і ціхенька падпіхнуў яе нагой пад ложак. Цёмік зьбіраўся йсьці. Я запытаўся, ці ёсьць у яго яшчэ музыка такога кшталту. Ён прынёс.

Канец верасьня:
ПЕРШЫЯ СПРОБЫ.

Лёс знарок сьцёр памяць пра тое, хто першы прапанаваў іграць разам. Тым ня менш, цяпер штодзень, ці, дакладней, штовечар яны пачалі зьбірацца ў Зьміцеравым пакоі і іграць што-небудзь з беларускага. Вынікам стаў аматарскі запіс двух народных песенек: “Чужыя дзеўкі” і “Рэчанька” у адмысловым араньжаваньні.

Зьміцер:
Я тупа спрабаваў засяродзіцца на тым, каб выдаць нейкі “свой” гук.

Кастрычнік:
КАНЦЭРТЫ Ў РЭКРЭАЦЫІ І СТВАРЭНЬНЕ “BACKFIRE’а”.

Арцём:
Падчас адной з рэпэтыцыяў мной авалодаў лёгкі псыхоз. Хацелася ці крыкнуць гістэрычна, ці зламаць якую табурэціну і я выцягнуў Зьміцера ў рэкрэацыю разам з гітарай, не памятаю, як угаворваў і чым аргумэнтаваў, аднак ў выніку гэта вылілася ў паўнавартасны акустычны канцэрт. Найшло трохі народу з суседніх блёкаў і паверхаў. Мы узьлезьлі на тэнісныя сталы і, памятаю, добра голасу дапамагала невялікае рэха, ўласьцівае канцэртным залям. На ўсе “хітовыя” заяўкі мы адказвалі песьнямі-баевікамі вытворчасьці N.R.M.. Празь дзень канцэрт прадублявалі крыху зьмягчыўшы фармат і прасьпяваўшы два разы песьню КОРОЛЯ И ШУТА “Кто это всё придумал?”. І ўсё ж найпрыгажэй у той залі гучала энэрэмаўская “Лепей ня будзе”…

Зьміцер:
Аднойчы вяртаюся да сябе ў пакой і бачу Арцёма разам з Воўкам (Воўка Касьцюковіч – аднагрупнік Арцёма падчас навучаньня ў АДПК, у 2006 годзе стварыў панк-гурт GASTELLO, - ад аўт.). Яны запрасілі мяне да стала, налілі кавы. І пачалі мяне “грузіць”. Ідэя была ў тым, каб дапамагчы Воўку зрабіць араньжаваньні на некалькі ягоных песень. Я згадзіўся. Гэта вылілася ў праект BACKFIRE.

Арцём:
Разам у тры гітары і два вакалы мы зрабілі чатыры песенькі на расейскай мове. Найбольш яскравай з іх была песьня “Нелюбимый герой”. Менавіта ў гэты час я пачаў назіраць у сабе схільнасьці да басовых партыяў.
Паралельна з працай у BACKFIRE’ы мы працягвалі іграць у рэкрэацыі ў выніку чаго нарадзілася песенька “Багна”.

Лістапад:
ЗЬЯЎЛЕНЬНЕ ФРЭДА,
ПЕРШЫ І АПОШНІ КАНЦЭРТ “BACKFIRE’а”.

Зьміцер:
Я сядзеў і сачыняў нешта на гітары. Нехта пагрукаў у дзьверы.
- Вечар добры!,- з-за дзьвярыны высунулася рыжая галава,- Дайце хлеба, калі ёсьць!
- Ёсьць, заходзь!,- я даў яму хлеба, а ён заўважыў гітару, ўзмацняльнік і магнітафон. Запытаўся:
- А вы што, іграеце тут?
- Ну, іграем.
Ён “прызнаўся”: - А я быў бубначом.- І распавёў, як граў у гурце. Так і пазнаёміліся.

Арцём:
Калі я ўбачыў Эдзіка, Зьміцер адразу паставіў мяне перад фактам:
- Ён будзе нашым бубначом!
Мне заставалася толькі няпэўна паціснуць плячыма.
Тым часам кіраўніцтва інтэрната прапанавала нам выступіць на вечарыне творчай самадзейнасьці. Мы пагадзіліся. Згодна праграме мы павінны былі выканаць тры песьні. Дзьве з BACKFIRE’у + “Багна”. Да выкананьня быў задзейнічаны Эдзік. Ён мусіў іграць на піянэрскім бубне, бо, натуральна, ударкі мы тады яшчэ не мелі.
Аднак “Багну” нам сыграць не далі. І тады, абураныя, мы працягнулі выступ на сходах, недзе між пятым і шостым паверхамі.

16 лістапада:
НАРАДЖЭНЬНЕ “ВАР’ЯТА”.

Арцём:
Неяк бавячыся з інструмэнтамі даволі хутка нарадзілася новая мэлёдыя, рытмічная і ўпэўненая. За паўгадзіны мы з Эдзікам зьляпілі тэкст. Так зьявілася “Будзе сонца”. Паіграўшы яе разоў з 20 запар, я падумаў: “Усё! Хопіць займацца маразмам, трэба рабіць нармалёвы рок-гурт”. Сказаў хлопцам – тыя згадзіліся. Патрэбна была назва, але для мяне гэта была справа вырашаная, таму я ўпершыню прадэманстраваў свае дыктатарскія схільнасьці. Сказаў хлопцам, што гурт будзе называцца ВАР’ЯТ, і што гэта не абмяркоўваецца.

Зьміцер:
Гэта ён думаў, што праяўляе свае дыктатарскія схільнасьці. А мы проста тады пагадзіліся.

Арцём:
Чаму “ВАР’ЯТ” ? Бо на той момант, калі прыдумлялася назва – краіну захінула першая хваля маразму: родная мова выцясьнялася з ужытку і з этэраў TV і FM, нацыянальныя сымбалі мянялі на крыху падпраўленыя знакі савецкай пакорнасьці, да назваў устаноў прыклейвалі іх вызначэньні (УА, УК і г.д.), моладзь прымусова заганялі ў БПСМ, “галоўны гэрой” без усялякага сораму ладзіў сабе перавыбары.. І ўсе гэтыя падзеі адбываліся так хутка, што цяжка было іх адразу асэнсаваць. Пачуцьці гэтыя добра апісаныя ў песьні “Будзе сонца”. Карацей, выходзіш на вуліцу, а там ўсё дагары нагамі, нелягічна ўсё.. і толькі Сонца на сваім месцы. Дах едзе, разумееш, што ўсе вакол звар’яцелі і дзікая думка падкрадваецца – а можа наадварот? Можа гэта я звар’яцеў? Калі яны для мяне вар’яты, то я для іх – таксама ВАР’ЯТ.


на галоўную
на "Гісторыю хваробы"


 
Hosted by uCoz