2003

Люты:
ПЕРШЫ СТУДЫЙНЫ ЗАПІС,
ПЕРШЫ КАНЦЭРТ,
ПЕРШЫ АЛЬБОМ.

Арцём:
На пачатак 2003-га года мы ўжо мелі той апарат, зь якім можна лічыцца рок-гуртом: электрагітары і парэшткі бубнаў “R-mif”. Я канчаткова вызначыўся з тым, што я басіст і вакаліст. Аднойчы да мяне ў пакойчык заваліліся п’яныя Зьміцер і Эдзік. І Эдзік, ледзь варушачы языком, працадзіў праз зубы:
- Цёмік, ты ў нас глаўны!
Так я даведаўся, што я яшчэ і “лідэр” у гурце. Праўда, звычайна ў нашым калектыве была дэмакратыя.
Тым часам у нас ужо было напісана каля 10 песень. Паўстала пытаньне запісу праграмы. І тут у нашым аповядзе зьяўляецца новы пэрсанаж – Аляксандар Новікаў (Выкладчык музыкі ў АДПК,- ад аўт.). Па сутнасьці ён выкарыстаў нас, каб заціснуць адну з дзірак ў сваім плянавым графіку, даўшы нам пры гэтым мажлівасьць студыйнага запісу. “Дзірка Новікава” заключалася ў тым, што мы мусілі сыграць “Вальс Даміно” на фестывалі “Аршанскі першацьвет”, славутым сваёй другаснасьцю і парадыйнасьцю. Гэтым часам у гурце зьявілася флейтыстка Юля Стральчонак.
13 лютага мы пашыбавалі на студыю. З самага пачатку гукарэжысэр пачаў “чараваць” з гукам, у выніку чаго бас атрымаўся нягучным і плоскім, а гітара мела абмежаваны дыяпазон. Хаця, канешне, усе былі надзвычай ўзрадаваны самому факту запісу, каб зважаць на такія “дробязі”.
Праз два дні пасьля запісу адбыўся першы канцэрт ВАР’ЯТаў. Выступалі разам з гуртамі LIGA (хіп-хоп?) і ВТОРОЙ ЭТАЖ (поп-рок). Канцэрт быў прысьвечаны дню сьв. Валянціна і адбываўся ў Вусьцянскім СДК. Здаецца, выступілі шыкоўна, ўражаньне пакінулі. Пасьля канцэрту я чапляўся да ўдзельнікаў ВТОРОГО ЭТАЖА з пытаньнем: “Дык хто быў лучшэ?”
20 лютага быў гатовы першы наклад касэткі, якую назвалі “Малюнкі на пальцах”. На вокладку зьмясьцілі выяву далоні сьпісанай асадкай разнастайнымі надпісамі. Паліграфічныя паслугі ласкава аказала аршанская суполка Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў (ЗБС). Да канца 2003 года было распаўсюджана больш 100 касэтаў.

Вясна:
РАЗЬВІТАНЬНЕ З КАЛЕДЖАМ.

Першы з каледжам разьвітаўся Эдзік. Ў самым пачатку вясны яго выключылі за п’янства. Другім стартаваў Арцём. Не жадаючы больш трываць маразма, што панаваў ў сьценах каледжа, і незразумелых прэтэньзій з боку свайго куратара, Арцём проста забраў дакумэнты. Зьміцер на той момант ужо сканчаў каледж, таму таксама вельмі хутка яго пакінуў. Засталася толькі флейтыстка Юля, якая аддала перавагу ня музыцы, а адукацыі.

Лета-восень:
НОВАЯ ТАКТЫКА.

Нягледзячы на тое, што цяпер Зьміцер жыў у Дрысе, Арцём пад Воршай, а Эдзік у Віцебску, яны вырашылі, што гэта не перашкода для існаваньня гурта.
У жніўні Ворша дарасла да зборніка рок-музыкі мясцовых гуртоў. У ВАР’ЯТаў таксама папрасілі 2 песьні. Так яны трапілі на CD “Оршанский прорыв”, на якім былі прадстаўлены такія сур’ёзныя гурты як DYING ROSE, SCREAMING FROM THE OBLIVION, KRADA і інш.
У кастрычніку ВАР’ЯТы запісалі песьню “Раніца”, якая адрозьнівалася ад ранейшых песень сваім “псэўдамэталёвым” гучаньнем.


на галоўную
на "Гісторыю хваробы"


 
Hosted by uCoz