2004
Вясна-лета: ЗАЦІШША ПЕРАД БУРАЙ. Гэты час падзеі цяклі вяла. У сакавіку DJ Fun зрабіў рэмікс на песьню “Прабач і бывай”. У красавіку на нейкай нефармальнай папойцы Арцём пазнаёміўся з чалавекам з “Радиус FM”, і “ашчасьлівіў” яго запісамі гурта, вынікам чаго стала непрацяглая ратацыя рэмікса на хвалях вышэйзгаданага радыё. Летам Арцём паступіў у Машэру і пераехаў у Віцебск. Эдзік наадварот – заваліў сэсію і зьехаў зь Віцебску ў Дзямідавічы. Зьміцер працягваў адпрацоўваць у Дрысе. 17 лістапада: БУРА. Арцём: Сусьвет, канешне, не перакуліўся, але для нас на той момант гэта сапраўды было “бурай”. Памятаючы ранейшае плённае супрацоўніцтва з аршанскай суполкай ЗБС, я знайшоў адпаведную суполку ў Віцебску. Акурат у гэты час віцебскія зэбээсаўцы ладзілі ў “Саве” канцэрт, прысьвечаны дню студэнта. Даведаўшыся пра існаваньне ВАР’ЯТа, яны запрасілі нас да ўдзелу. Зьміцер: На той момант я ўжо ведаў, што мяне забяруць у войска і ляжаў сабе паціху ў лякарні. Але прыкол быў у тым, што я адтуль проста зьбег, бо дужа хацелася пайграць у больш-менш нармалёвым рокавым клюбе. Я ведаў усё гэтае, таму калі ехаў на абсьледваньне, прыхапіў з сабой яшчэ адну куртачку, якую аддаў сябрам і яны прынесьлі яе ў прызначаны час. За пару гадзін да канцэрту бавілі час і хто як стараліся схавАць сваю ўзбуджанасьць. Ну, як заўсёды: чаканьне саўндчэку, саўндчэк і.. ужо дакладна не памятаю, пад якім нумарам мы гралі, але адразу пасьля нашага выступу мне давялося зваліць, бо лякарня зачынялася ў сем гадзін вечара. Зьдзіўленьне вартаўніка лякарні, які бачыў ужо мяне раней было неапісальнае.. Арцём: Я адчуў прыемны шок, калі даведаўся, што на адной пляцоўцы з намі будуць выступаць і сталічныя гурты і няблага вядомыя віцебскія. Тады свае сэты адыгралі РАХІС, SPIRIT OF THE WITHE WOLF, ПАПРИКА і іншыя гурты. Пра тое, якімі мы “калхазанамі” былі ў параўнаньні зь імі сьведчыць той факт, што мы не ўзялі з сабой ні жалеза, ні сольніка, а не знайшоўшы іх на звыклых мейсцах, былі проста разгубленыя. Дзякуй Лёсу, піва вырашае любыя праблемы. Таксама варта адзначыць, што перад выступам мы не рэпэтавалі. Але, нягледзячы на гэта, нас прынялі цёпла, абазваўшы наш “гранж” “панкам”. 31 сьнежня: САНТА І “КУПАЛІНКА”. Новы год ВАР’ЯТы сустракалі на мінорнай ноце. Пасьля нечаканага посьпеху ў “Саве” пачаўся шэраг не дужа прыемных падзей. Эдзік зьехаў у Бабруйск на лесанарыхтоўкі, Зьміцер атрымаў позву ў войска, у Арцёма быў суцэльны завал з сэсіяй. Разумеючы, што гэта можа стаць ўвогуле апошнім мерапрыемствам ў гісторыі гурта, ВАР’ЯТы вырашылі зладзіць вечарыну на кватэры Страказы – тады дзяўчыны Арцёма. Сьвяточны настрой час ад часу зьбіваўся маўклівым мінорам. І ў гэтую чароўную ноч Санта пралятаючы міма на сваіх аленях мог пачуць.. “Купалінку” напрыклад. |
на галоўную |
на "Гісторыю хваробы" |