2007
Вясна-лета: НЕЧАКАНАЕ ПРЫЗНАНЬНЕ. У лютым у ВАР'ЯТаў зьявіўся сайт, а 2-га сакавіка песьня “Аднаві..” заняла першае мейсца паводле галасаваньня на музычным партале “Realmusic.ru” ў жанры progressive rock. З гэтае прычыны гурт быў запрошаны ў Маскву да ўдзелу ў фэстывалі “Ниагара. Зима 2007”. Але праз тое, што скрыню электроннай пошты правяралі нерэгулярна – не пасьпелі ўчас аформіць патрэбныя дакумэнты. Безумоўна, пасьля гэтага запрашэньня самаадзнака гурта паднялася. Зьявілася пачуцьцё “пачатку сталасьці”. Цягам году ВАР'ЯТ даў сэрыю канцэртаў: у 42-ой школе, летніку “Буравесьнік”, аграгарадку Вусьце, Машэраўскім універсітэце.. У чэрвені была зроблена спроба трапіць на фэст БАСОВІШЧА-2007. На фэст не трапілі, затое прыцягнулі ўвагу “Радыё Unistar”, якое ўзяло ў ратацыю песьню “Малако”. Напрыканцы ліпеня “Музыкальная газета” надрукавала інтэрвію з гуртом. Прызнаньне гурта ці выканаўцы гэтым выданьнем заўсёды прымалася як знак якасьці ў электараце беларускіх мэляманаў. Восень-зіма: СОН-ТРАВА, КАСКА І ШАРЫКІ. Арцём: У верасьні мы са Зьміцерам тусілі “на яме” ў атачэньні “эмачак”, “гатычных дзеў” і “кукурузак”. І неяк адзін хлопец прынёс з сабой акустычную гітару. Нас папрасілі прасьпяваць што-небудзь. Але вось так, без рэпэтыцыяў, ды яшчэ ў акустычнай вэрсіі іграць было трохі ніякавата. Аднак з першых жа акордаў прыйшло разуменьне таго, што гэта быў наш дзень. Галоўныя ВАР'ЯЦкія хіты і кавэры NIRVAN’ы гучалі на біс некалькі разоў. Людзі былі ўражаныя, з захапленьнем глядзелі на нас, а я, шчыра кажучы, дагэтуль не магу зразумець, што тады насамрэч адбылося. У кастрычніку ВАР'ЯТ выдаў свой трэці альбом “Сон-трава”. Ён уключыў у сябе 9 трэкаў запісаных у 2006-07 гг. Асаблівай экспрэсіяй вылучалася песьня “Хмаркі”, дзіцячай наіўнасьцю “Малако”, дурной весялухай “Сон-трава” і прыемным цяжкім саўндам “NaNaNa”. 16 лістапада гурт урачыста адсьвяткаваў сваё 5-годдзе, на якім акрамя шыкоўнага фуршэту, піўных гульняў і звышхуткага паглынаньня торту была прэзэнтаваная сольная праграма Зьміцера "Respice Finem". Безумоўна, ігралі і ВАР'ЯТы. У пачатку сьнежня ВАР'ЯТ прыняў удзел у “2-ім фэстывалі бардаўскай і рок-песьні ВДУ” разам з гуртамі LINGREN, BELIEF FOR ME, ARGENTUM і іншымі выканаўцамі. Зьміцер усё шоў адыграў у жоўтай будаўнічай касцы. Сябры гурта зладзілі ў залі цэлы мітынг з выкарыстаньнем расьцяжкі і надзьмуваных рознакаляровых шарыкаў. |
на галоўную |
на "Гісторыю хваробы" |