ВАР'ЯТ 2008: КУЛІЧКІ, НЮХАЧ, БУРБАЛКІ
Канцэртны сэзон 2008 года для ВАР'ЯТа распачаўся 1 сакавіка. На той час хаціна ў прыватным сэктары, што паслугавала рэпэтыцыйнай кропкай, а для Зьміцера яшчэ і часовым прытулкам, пераўтварылася ў сталае месца вечарын і нават набыла сабе імя - "Кулічкі" (бо знаходзілася на ўскраіне горада).
1 сакавіка была зладжана вечарына "Вясна на Кулічках", на якой гурт прадэманстраваў некалькі новых песень ("Флікеры", "Liftpissing", "Вясна", першыя накіды "Сэрыяла").

Наступная вечарына на "Кулічках" адбылася 29 сакавіка. Акрамя ВАР'ЯТа нефармальную публіку забаўляў таксама гурт BLOODY BOOTS. Вечарына мела назву "Нюхач Вам у Хату"... Бурбалкі... камбіспазм.. чым скончылася вечарына - не памятае ніхто :).

Напрыканцы траўня хлопцаў запрасілі пайграць у Воршы на акцыі, прысьвечанай абароне дзяцінства. На сцэне гурт зьявіўся ў нечаканым антуражы: твары музыкаў былі расфарбаваныя ў стылістыцы глэм-року 70-х, Арцём і Зьміцер рэгулярна правакавалі залю двухсэнсоўнымі вершыкамі, потым Арцём іграў седзючы на краі сцэны, і ўрэшце, не спыняючы іграць лёг... Рэакцыя на гэткае відовішча ў дастаткова кансэрватыўнай залі была неадназначнай, затое потым яшчэ доўгі час хлопцаў згадвалі і абмяркоўвалі... Часам і не добрым словам, але ж, як той казаў: "Галоўнае, што яны не маўчаць". Чорны піяр - таксама піяр.

Пасьля вяртаньня з Воршы хлопцаў чакала прыемная навіна. Высьветлілася, што на звышпапулярным рэсурсе "ЎКантакце" створаны фан-клюб гурта (на сёньняшні дзень ён налічвае больш за 150 чалавек).

У чэрвені гурт наладзіў сабе вакацыі, якія скончыліся толькі ў кастрычніку запісам і выданьнем самотніка "Быцьtvаімсабачкам ?". Ён складаўся з дзьвюх песень: "Быць тваім сабачкам" і "Сэрыял". У самотніку выявілася імкненьне музыкаў да ўскладненьня структуры матэрыялу шляхам выкарыстаньня рознастылёвых калярытных элемэнтаў, а таксама арыгінальных бэк-вакальных партыяў. Да таго ж у тэкстах песень (літаратурна вартых!) цікава спалучыліся іронія і сацыяльная неабыякавасьць.

Апошняй імпрэзай ВАР'ЯТаў ў 2008 годзе стала сьвяткаваньне 6-цігоддзя гурта. Ўзяўшы за аснову тэзіс, паводле якога звычайна ў 6-гадовым узросьце дзеці ідуць у пэўную установу таталізаванага тыпу, вырашана было "выправіць ВАР'ЯТаў у школу" (што зробіш - традыцыя!). У выніку гэта вылілася ў музычна-тэатралізаванае шоў, на якім музыкі ў ролі першакласніц (!) ў сукенках і з бантамі забаўлялі ўдзельнікаў вечарыны дасьціпнымі дыялёгамі і, безумоўна, выкананьнем сваіх лепшых твораў.


на галоўную
на "Гісторыю хваробы"


 
Hosted by uCoz