Пра бульбяны ёгурт і пакуты беларускага Рамэо.
МУЗЫКАЛЬНАЯ ГАЗЕТА.
№ 28 (421). 26 ліпеня 2007 года.
У мяне зазваніў тэлефон... Не, гэта быў, натуральна, не слон, але таксама званок дастаткова нечаканы. На сувязі – знаёмы музыка, зь якім мы ўжо пэўны час не бачыліся і не чуліся, але калісьці, памятаецца, я парывалася ўзяць інтэрвію ў ягонага гурта. На той момант – не адбылося. Гэтым разам ініцыятыва сыходзіла ад Арцёма (так завуць майго нечаканага суразмоўцу): “Я хачу даць табе інтэвію”, -- безапеляцыйна заявіў ён. Мне нічога не заставалася рабіць,як пакінуць утульна наседжанае працоўнае месца і накіравацца за інфармацыйнай ежай. .
У далёкім ці недалёкім , 2002-ім у інтэрнаце Аршанскага дзяржаўнага пэдагагічнага каледжа пачалі адбывацца незразумелыя справы. Па вечарох па калідорах мірнага калісьці прытулку для бяздомных студэнтаў пачалі разносіцца гукі гітары. Хутка высьветлілася, што гэта музыцыруюць Арцём Сімаш і Зьміцер Пучынскі, сідзючы проста на тэнісных сталах і парушаючы грамадзкі спакой.. Хутка калегі па інтэрнату звыкліся і ацанілі творчасьць парушальнікаў і нават пачалі заказваць канцэрты па заяўках. Аднак хлопцы прынцыпова выконвалі толькі беларускамоўныя музычныя пажаданьні. Так нарадзіўся гурт ВАР'ЯТ.
Калі мы толькі пачыналі, па-беларуску сьпявала вельмі мала каманд. І нашыя першыя запісы паставілі на вушы ўсю Воршу. Сёньня “сьвядомых” разьвялося даволі шмат, але, мне здаецца, гэта збольшага дзеля таго, каб падпадаць пад патрабаваньні ўсялякіх модных фэстаў кшталту “Басовішча”, “Рок-кола”... Мы не такія, мы – ідэйныя.
А хто яшчэ, так мовіць, “робіць” з вамі музыку, і ці ёсьць якія запісы, якія можа пачуць просты сьмяротны меламан?
Я і Зьміцер – аснова гурта, мы стаім ля яго вытокаў. Яшчэ з намі грае бубнач Вячка Прусакоў. Была спроба завесьці вакалістку, але яна не прыжылася. Мы ставілі перад сабой розныя мэты. Напрыклад, наша мэта – дажыць да лета, каб трапіць на “Басовішча”. Зараз мы робім дзеля гэтага шмат: на рэпах рэпаем, інтэрвію вось даем..
Што тычыцца запісаў – мы саматужна выдалі два дэма-альбомы: у 2003-м, яшчэ ў Воршы, запісалі касэту “Малюнкі на пальцах”. Потым у 2005-м спроба першай кружэлкі. Яна называлася “Чаканьне пцірадакціляў”.
А запісацца больш прафэсійна спробы былі?
Ну, найбольшае, чаго мы дасягнулі, -- прабілі на радыё свой рэмікс. Знаёмы DJ апрацаваў нашу песьню, ператварыўшы яе ў шчырую папсу. Пару разоў яна пракаталася ў начным этэры і сыйшла ў гісторыю. Спрабавалі выйсьці на кантакт з Супрановічам, але той толькі паспачуваў нам і пажадаў посьпехаў і шанцаваньня, бо гурт мы не сталічны і прапанаваць нам асабліва няма чаго. Тым не менш, мы працягваем змагацца.
Дарэчы, 1-га, не, 2-га сакавіка (музыкі забылі дакладную дату моманта славы – ад аўт.) на realmusic.ru мы атрымалі першае мейсца ў жанры progressive rock..
Так вызначылі ваш стыль на сайце, а як вы самі называеце сваю музыку?
Гэта самае хворае пытаньне для любога музыканта. Чыстага стылю ў прыродзе ўвогуле не існуе. У розны час мы называліся па-рознаму: гранж, фолк-гранж, фолк-фанк-гранж... аднак калі б мы запаўнялі нейкую анкэту і нам неабходна было б вызначыць напрамак, хутчэй за ўсё ў графе “стыль гурта” было б напісана “цяжкі рок”.
Будзем лічыць, што са стылем вызначыліся, а як адбываецца працэс напісаньня вашых кампазыцый? Што ўвогуле натхняе на стварэньне музыкі?
Па-рознаму бывае... Нейкі прыватны выпадак, сацыяльная зьява. Увогуле, стварэньне музыкі – працэс інтаграваны. Натхненьне чэрпаем адусюль. Часам гэта каханьне, а часам дастаткова проста добра паесьці...
І запіць усю гэтую справу півам?
Не, мы ўвогуле гурт непітушчы. Раней так было, што ні адна рэпэтыцыя не абыходзілася бязь піва, нават песьня ў нас такая ёсьць “мне падабаецца водар піва, але яго ў мяне няма...” - вечная грашовая крыза у кішэнях музыкі, да таго ж яшчэ студэнта. Таму мы вырашылі перайсьці на ёгурты: таньней, карысьней і зноў жа працуе на імідж. Аддаем перавагу выключна айчыннаму вытворцу... Асабліва даспадобы ёгурт з бульбяным напаўняльнікам – яму нішто не можа скласьці канкурэнцыі!..
Зразумела, вы за здаровы лад жыцьця. А як у вас справы з дзяўчатамі?
У Зьміцера любімая дзяўчына – яго гітара. Са слабым полам ён даўно завязаў. А вось я зараз зусім свабодны. Наш бубнач знаходзіцца ў вечным пошуку. У яго па два разы на тыдзень здараецца нешчасьлівае каханьне. Дзе ён толькі ні знаёміўся: і на вуліцы, і ў парках, і ў інтэрнэце...
Такім чынам сэрца самотнага Рамэо, які шукае сваю цудоўную Джульету, застаецца пакуль свабодным.
Так.
(аўтар інтэрвію - Ганна Дашкевіч)
|