У Віцебску экстрэмальней!

(Газэта "Переходный возраст", травень 2008)

Апошнім часам у Віцебску ў асяроддзі нефармальнай моладзі даволі часта гучыць слова ВАР'ЯТ. Як высьветлілася - ВАР'ЯТ - гэта рок-гурт, які акрамя неблагога валоданьня інструмэнтамі, няблага валодае і беларускай мовай, выкарыстоўваючы яе як мову зносін са слухачамі. На пытаньні адказваюць Арцём Сімаш (А) - вакал, бас-гітара, і Зьміцер Пучынскі (З) - гітара.


Усе вашы песьні на беларускай мове. Што гэта: даніна модзе, або нешта іншае?

А: Не, не даніна модзе, гэта звычайны патрыятызм.

Сёньня існуе шмат беларускамоўных гуртоў. Як вы лічыце, чаму сьпяваюць на беларускай мове: каб падыходзіць пад фармат фэстаў або гэта таксама звычайны патрыятызм?

А: Большасьць з тых гуртоў, што я ведаю імкнецца падпадаць пад фармат. Ва ўмовах сёньняшняй рэчаіснасьці яны могуць раскруціцца толькі сьпяваючы па-беларуску.

З: Тыя, каго ніхто не ведае, звычайна таксама так робяць.

А: Такія наіўна мяркуюць, што вядомасьць, атрыманая з дапамогай фармата дапаможа кампэнсаваць іх музычную недасканаласьць.

З: А нармалёвыя гурты ўвогуле фармата не прызнаюць.

У вас ужо была спроба знайсьці вакалістку. Няма жаданьня зрабіць яшчэ адну спробу?

А: Не, няма такога жаданьня. У нас стварыўся трывалы калектыў у якім кожны займае сваё месца. Новаму чалавеку давядзецца адаптавацца, а праграму перапісваць. Нам гэта не патрэбна.

З: Патрэбна-непатрэбна... Яны проста не прыжываюцца. Для іх гэта глеба не тая.

Некалі вы спрабавалі зьвярнуцца па дапамогу да Супрановіча, але ён толькі пажадаў вам посьпехаў і ня здолеў нічога прапанаваць толькі таму, што вы не сталічны гурт. Не жадаеце перабрацца ў Менск?

А: Не, не жадаем.

Чаму?

З: Дрэваў мала, травы мала, лесу няма..

Яшчэ да ўтварэньня гурта ВАР'ЯТ у вас былі акустычныя праекты. Што з імі сталася?

З: Былі. Былі акустычныя гітары. Былі тэнісныя сталы... і канцэрты на гэтых сталах.

А: Тады нам было па 17 год і здавалася, што няма нічога круцей электрычнай гітары. Так і закінулі акустычную праграму. Але, магчыма, калі-небудзь мы да яе вернемся.

У вас ужо ёсьць 3 дэма-альбомы, не было жаданьня зрабіць больш прафэсійны запіс?

З: Як гэта не было? З самага пачатку гэта жаданьне было.

А: Але не было магчымасьцяў.

Што вам для гэтага патрэбна?

А і З, хорам: Грошы!!!

Якімі якасьцямі павінен валодаць музыкант з правінцыі, каб дасягнуць посьпехаў?

З: Музычнымі.

А: Не, гэтага мала. Было шмат прыкладаў, калі гурты не дасягалі нічога, і ведалі іх толькі ў родным горадзе. Тут патрэбна працавітасьць. Трэба рвацца як вар’ят, па-страшнаму. Дарэчы, адна з прычын, чаму мы жывем менавіта ў Віцебску, а не ў Менску: тут адназначна экстрэмальней, адназначна цікавей прабівацца адсюль, чым адтуль.

(Аўтарка інтэрвію – Аліка.)

Вярнуцца ў "Рэцэпты і рэкамендацыі"

Hosted by uCoz