СТУДЭНТЫ, ТВОРЦЫ І... ВАР'ЯТЫ

("Вечерний Витебск" - дадатак да газэты "Віцьбічы", 13 лістапада 2008 г.)

Удзельнікі гурта ВАР'ЯТ да студэнцкага сьвята ставяцца асабліва, бо народзіны гурта сьвяткуюць 16 лістапада, напярэдадні Міжнароднага дня студэнтаў і сьпяваюць менавіта для моладзевай аўдыторыі.
Гурт трымаецца на двух "кітах". Гэта - Арцём Сімаш і Зьміцер Пучынскі. Арцём - вакаліст, бас-гітарыст. Ён студэнт гістарычнага факультэта ВДУ імя П.М. Машэрава. Лічыць, што яму пашанцавала нарадзіцца ў наш час. Любіць каву розных гатункаў, пельмені, нестандартныя вершы і першы сьнег. Зьміцер - гітарыст, аўтар большасьці мэлёдый. Настаўнік па адукацыі, выдатны разьбяр. Сам пра сябе кажа, што замкнёны. Піша вершы. Нарадзіўся, калі ўвесь сьвет сьвяткаваў 20-годдзе з дня першага палёту ў космас чалавека. Вось і Зьміцер, нібы ракета, ляціць да намечанай мэты.
ВАР'ЯТ нарадзіўся ў сьценах Аршанскага пэдагагічнага каледжа 6 гадоў таму. За творчыя экспэрымэнты хлопцаў ледзь ня выгналі з інтэрната. Для выкладчыкаў і навучэнцаў творчасьць ВАР'ЯТа была незразумелай, але потым да бясконцых рэпэтыцый прызвычаіліся, сталі часьцей завітваць да хлопцаў, каб паслухаць. Аўдыторыя слухачоў расла. Зьявіліся свае ўласныя песьні. Першы выступ адбыўся ў роднай вёсцы Арцёма Вусьце ў Доме культуры. Гурт прынялі вельмі добра. Запрашалі яшчэ.
Што ўяўляе гурт ВАР'ЯТ зараз? Пра гэта размова з Арцёмам і Зьміцерам.

- Мы набылі пэўны досьвед, пасталелі, - распавялі сябры падчас сустрэчы.- Выдалі некалькі саматужных альбомаў, патрапілі на радыё. Нас запрашалі выступіць ў Маскве. Неяк прапанавалі паўдзельнічаць у хіт-парадзе на музычным партале realmusic.ru. І за два тыдні занялі першае месца. Было вельмі дзіўна, бо беларускамоўны аматарскі (мы не прафэсіяналы) гурт заняў такую высокую пазыцыю на даволі прэстыжным расейскім партале.

- І ЯКУЮ ПЕСЬНЮ ВЫ ПРАПАНАВАЛІ Ў ХІТ-ПАРАД?

- Гэта была песьня "Аднаві маю надзею". Яе стварылі пілігрымы, якія штогод ходзяць на Будслаў. Мы паспрабавалі адаптаваць яе пад моладзевую аўдыторыю і стварылі цяжкарокавую вэрсію. І даволі мэлядыйна атрымалася. Яшчэ спрабавалі паўдзельнічаць у фэстывалі "Басовішча", што ладзіцца ў Польшчы. Прайшлі толькі два туры, затое намі зацікавілася менская радыёстанцыя "Юністар". У ратацыю была ўзятая песьня "Малако".

- А ЯК ВАС ПРАДСТАВІЛІ?

- "Гурт ВАР'ЯТ зь Віцебска. Беларускаму року не хапае менавіта такога падыходу".
- Мы былі вельмі зьдзіўлены такой ацэнцы. Было прыемна. Усе гэтыя акалічнасьці прымусілі нас верыць у тое, што пачынаецца пэрыяд музычнай сталасьці. Тое, што мы гурт правінцыйны, шмат у чым замінае раскрутцы. Лягчэй здабыць славу ў сталічным горадзе. Мы адхінуты ад цэнтра і на нас асабліва не зьвяртаюць увагі. Хаця ў межах Віцебска карыстаемся неблагой папулярнасьцю. Некалі знаёмая дзяўчынка бегала па плошчы ля амфітэатра і апытвала моладзь ці ведаюць яны гурт ВАР''ЯТ. Роўна палова адказала: "Ведаем", роўна палова: "Першы раз чуем". Паўгады таму на папулярным сайце "В Контакте" быў створаны фан-клюб гурта. На сёньня ў яго ўваходзіць больш за 140 чалавек. Яны актыўна абмярковаюць нашу творчасьць, нас саміх. Прыемна, што людзям цікава.

- ВЫ ВЫДАЛІ ТРЫ АЛЬБОМЫ. ЯКІ ЗЬ ІХ, НА ВАШУЮ ДУМКУ, ЛЕПШЫ?

- Да кожнага зь іх чульлівае стаўленьне. Мы самі пісалі матэрыял, самі запісвалі, малявалі вокладкі. Але напэўна самы лепшы ў прафэсійным пляне наш апошні альбом "Сон-трава". Ён быў запісаны ў 2007 годзе і распаўсюджаны колькасьцю больш за 150 асобнікаў.

- ШТО ПЛЯНУЕЦЦА НАДАЛЕЙ?

- Далёка вельмі не глядзім. Зьбіраемся зладзіць канцэрт беларускамоўных гуртоў Віцебска. Сэнс падзеі ў тым, каб паказаць, што сучасная музыка можа быць на беларускай мове, прапагандаваць сваё роднае, сваю культуру. На жаль, усё трымаецца на ўласным энтузіязьме моладзі... Акрамя таго, ы зьбіраемся выступіць на фэстывалі бардаўскай і рок-песьні, які штогод ладзіцца ў Машэраўскім унівэрсытэце. Плянуем зьняць кліп. На нейкую новую песьню. З тых, што зараз пішуцца. Дарычы, зараз актыўна працуем над новай праграмай.

- ВЫ СЬПЯВАЕЦЕ ТОЛЬКІ НА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ?

- Мы з самага пачатку так вырашылі. З пачуцьця патрыятызму. А то дзіўная сытуацыя - усе нашы суседзі - палякі, расейцы, украінцы - размаўляюць кожны на сваёй роднай мове. А мы - не... Роднай мовай трэба ганарыцца! А яшчэ на той час хацелася вылучыцца на фоне іншых музыкаў. Калі мы пачыналі, а гэта быў 2002 год, вакол ігралі толькі рускі рок. Мы выглядалі арыгінальна. Людзям было цікава.

- А ЯКІЯ ТЭМЫ ВАШЫХ ПЕСЕНЬ?

- Першапачаткова, калі былі больш юныя, галоўнай тэмай былі сардэчныя пачуцьці хлопчыка да дзяўчынкі, каханьне без адказу. І патрыятызм таксама прысутнічаў. Зараз лірыка становіцца больш грамадзянскай. Адбываецца пераход ад "імпрэсіянізму" да "сацыяльнага рэалізму". Жыцьцё не ва ўсіх асабліва салодкае. Каб жыць, трэба круціцца. Таму шукаем паратунку ў іроніі. Апошнім часам экспэрымэнтуем ў напрамку дадаізму. Гэта абсурднае спалучэньне выразаў. Ствараецца камічны эфект, але насамрэч сэнс глыбейшы. І кожны можа ўбачыць ў тэксьце нешта сваё.Можна сьпяваць пра нейкую роспач і алегарычна казаць пра адносіны чалавека да чалавека ці чалавека і грамадзтва.

Аўтарка інтэрвію - Кацярына Маркава-Бараноўская.

Вярнуцца ў "Рэцэпты і рэкамендацыі"

Hosted by uCoz